ВЯЛІ́КІ НЕФУ́Д,
пясчаная пустыня на Пн Аравійскага п-ва, у Саудаўскай Аравіі. Пл. 80 тыс. км². Працягласць з ПнЗ на ПдУ каля 500 км, з З на У — 300 км. Размешчана на плато з асобнымі астраўнымі кражамі на выш. 600—1000 м. У рэльефе масівы барханных (выш. да 100 м) і градавых пяскоў, камяністыя паверхні — хамады. Характэрны лейкападобныя паніжэнні — фульджы, дзе трапляюцца калодзежы і аазісы. Клімат трапічны, рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. 10 °C, ліп. 30 °C (макс. да 54 °C), ападкаў 100 мм за год. Пастаянныя моцныя вятры. Шматлікія сухія рэчышчы — вадзі. Разрэджаная палынна-эфемеравая расліннасць. Жывёльны свет: гіена, шакалы, дзікі кот, з капытных — газель; шматлікія грызуны, яшчаркі. Качавая жывёлагадоўля (авечкі, вярблюды).
т. 4, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)